Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

21.02.23

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

  "Родная мова "

Максім Танк

З легендаў i казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,

З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

I з гора, i з радасцi, i з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святынi народа, бяссмерця яго, –

Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,

Якога б ты нам перадаць не магла.

Няма такiх нетраў, глыбокага мора

I гор, праз якiя б ты не правяла

Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння

Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй

Над спаленай хатай, над родным загонам,

Над будучыняй і песняй маёй –

Над тым, што было i што век будзе вольным.
 

Народ пранясе цябе, родная мова,

Святлом незгасальным у сэрцы сваiм

Праз цемру і годы змаганняў суровых.

Калi ж ападзе і развеецца дым

I нiвы васкросшыя закаласяцца, –

Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,

Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,

Цымбалам дасi iх сарэбраны гром

I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

          Беларускія дзеячы пра родную мову

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову. (Я.Колас)

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. (Я.Колас)

Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю. (Я.Колас)

Кожны народ мае свой гонар. Англічанін перад усім светам горда вызначае: я – англічанін! Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважываемся празнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. (Я.Колас)

Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў. (Ф.Скарына)

Беларусь-католік, ці беларусь-праваслаўны павінны то помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, адвеку перадаваныя з пакалення ў пакаленне. (Я.Купала)

Хто не разумее роднай мовы, той не павінен займаць урадавай пасады на Беларусі. (Я.Купала)

Раздзелы сайта